вторник, 1 ноября 2016 г.

Да 120- годдзя нараджэння М. Чарота

Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча -- Міхаіл Сымонавіч Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 г. у вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям'і малазямельных сялян. Першую адукацыю Міхась атрымаў у наёмнага «дарэктара», потым скончыў двухкласную пачатковую школу, а ў 1913 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У гады першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Тут прайшлі два апошнія гады навучання будучага пісьменніка. Семінарыю М. Чарот закончыў у 1917 г., але настаўнічаць яму не давялося: быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў Расіі, там намагаўся разам з іншымі афіцэрамі-землякамі стварыць беларускі гурток. Вясною 1918 г. М. Чарот вярнуўся ў Мінск, пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У гэты ж час ён далучыўся да культурна-нацыянальнага жыцця: маючы прыгожы барытон, спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», стаў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». У 1919 г. М. Чарот спрабуе ўступіць у Беларускае войска, якое стваралася пры Беларускім нацыянальным камітэце, што існаваў як выканаўчы орган Усебеларускага з'езда 1917 г. Гэта быў час польскай акупацыі на Беларусі, і М. Чарот стаў у шэрагі барацьбітоў за нацыянальнас вызваленне, што ў далейшым знойдзе водгук шмат у якіх яго паэтычных творах. Восенню 1923 г. здарылася знамянальная падзея ў літаратурным жыцці Беларусі -- утварылася першая масавая літаратурная арганізацыя «Маладняк». М. Чарот, які быў ужо вядомым паэтам, шмат друкаваўся, выдаў некалькі кніг, стаў яе аўтарытэтным кіраўніком. У 1927 г. пасля «другога расколу» арганізацыі ён выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да «Полымя», затым, у 1928 г., стаў членам БелАППа. У гэты час ён -- рэдактар «Савецкай Беларусі» і кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1930-я гг. М. Чарот працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Творчая актыўнасць яго ў гэты час прыкметна знізілася па вядомых грамадска-палітычных прычынах. У 1937 г. М. Чарота спасціг трагічны лёс многіх беларускіх творцаў: ён быў арыштаваны і расстраляны. 

Друкавацца пачаў у 1919 г. Аўтар кніжак паэзіі «Завіруха» (1922), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, усе ў 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы, 1986), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933-1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982). 
Выдаў зборнік апавяданняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданні» (1926). 
Апублікаваў п'есы «Мікітаў лапаць» (апублікавана і пастаўлена ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п'есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купалле» (адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А.Туранкоў стварыў на тэкст п'есы оперу «Кветка шчасця»). 
Па аповесці «Свінапас» стварыў з Ю.Тарычам сцэнарый першага мастацкага фільма «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926).