Метадычныя рэкамендацыi

Вучымся пісаць водгук

І этап
УСПРЫМАННЕ
Што робім
Заўвага
1.Эмацыянальнае ўспрыманне
Першы раз чытаем тэкст, прапанаваны для водгуку. Занатоўваем пачуцці, эмоцыі. Адказваем на пытанні: “Што мяне здзівіла?”, “Што мне спадабалася?”, “З чым я не згодны?”, “Што мне незразумела?”
Кожны тэкст – гэта цэлы свет
2.Асэнсаванне асобы аўтара
Успамінаем усё, што ведаем пра аўтара, яго творы, эпоху, да якой адносіцца яго творчасць
Сінонімы да слова “аўтар”
3.Успрыманне тэксту
Другі раз чытаем тэкст. Вызначаем і фармулюем тэматыку, праблемы, аўтарскую пазіцыю (ідэю). Характарызуем вобразны лад твора. Асабліва каштоўнае запісваем у карту ўспрымання твора.
Назва і эпіграф – “канцэнтрат” аўтарскай ідэі. Выхад за межы твора (развіццё думкі аўтара, параўнанне з творамі іншых аўтараў, устанаўленне паралелей з творамі іншых відаў мастацтва, вечныя тэмы, праблемы, вобразы).
4.Успрыманне формы
Трэці раз чытаем тэкст. Вызначаем тып, стыль, жанравую прыналежнасць прапанаванага тэксту. Разглядаем сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці твора. Вызначаем адметнасці тэксту на фанетычным, марфалагічным, лексічным, сінтаксічным, пунктуацыйным узроўнях. Асабліва каштоўнае запісваем у карту ўспрымання.
Усе мастацка-стылёвыя асаблівасці і вобразна-выяўленчыя сродкі твора цікавяць нас настолькі, наколькі яны дапамагаюць зразумець яго змест.
ІІ этап
НАПІСАННЕ
Што робім?
Заўвага
5.Фарміраванне
Падбіраем эпіграф, выбіраем форму водгуку (ліст да..., публічнае выступленне, рэпартаж, эсэ, артыкул, малітва, клятва, плач, слоўнік і інш.);праглядаем зробленыя нататкі, каб валодаць матэрыялам для стварэння водгуку; прадумваем кампазіцыю (магчыма, ствараем план)
Асаблівую ўвагу звяртаем на пачатак і заключэнне работы (яны не павінны быць зацягнутымі і загадзя падрыхтаванымі). Вершаваная форма не вельмі цэніцца, хаця асобныя ўласныя паэтычныя радкі можна прывесці; трэба пазбягаць “дыялогаў з дзённікам, рэдакцыяй газеты,   бабуляй, сяброўкай і іншымі”
6.Стварэнне
Пішам водгук, спалучаючы вынікі пройдзеных этапаў успрымання твора, выкарыстоўваючы некалькі (2-3) цытат з тэксту.
Аптымальны аб’ём сачынення – 5-6 старонак. Дэманструем чытацкі вопыт. Пазбягаем празмернай мастацкасці, “квяцістасці” стылю, празмерна дакладнага пераказу зместу твора з выкарыстаннем аўтарскіх метафар і эпітэтаў
7.Праверка
Правяраем наяўнасць у тэксце сачынення ўсіх структурных частак (уступ, асноўная частка, заключэнне); правяраем моўнае афармленне водгуку.
Пазбягаем спрэчных, праблемных момантаў

Каментары да парадку працы над водгукам:
1.        Ваша задача не пераказаць тэкст, а расказаць пра пачуцці, якія выкліканы зместам твора, прапанаванага для водгуку.
2.        Сінонімы  да слова аўтар: пісьменнік, паэт, літаратар, мастак слова, майстар слова, творца, пясняр...
3.        Адказваем на пытанне: як аўтару ўдалося выразіць змест?
4.        Не ператвараць пошук вобразна-выяўленчых сродкаў у самамэту.
5.        Не арыгінальнічаць у выбары формы, пазбягаць стандартных, слаба звязаных са зместам водгуку эпіграфаў.
6.        У добрым водгуку мяжы паміж выражэннем пачуццяў, асэнсаваннем зместу і аналізам формы быць не павінна.
7.        Калі сумняваецеся ў нейкіх напісаннях, замяніце іх на іншыя, сінанімічныя
Кароткі слоўнік для працы над водгукам
Вобраз мастацкі – форма пазнання і адлюстравання жыцця ў мастацтве і літаратуры. Гэта створаная пры дапамозе творчай фантазіі канкрэтная і разам з тым абагульненая карціна чалавечага жыцця, якая выяўляе эстэтычны ідэал пісьменніка.
Лірычны герой – вобраз той асобы, ад імя якой ідзе размова ў лірычным творы.
Персанаж – дзейная асоба літаратурнага мастацкага твора, г.зн.тое ж, што і герой мастацкага твора, але тэрмін персанаж звычайна ўжываецца ў дачыненні другарадных або адмоўных герояў ці да вобразаў такіх твораў, як байка.
Гукапіс – выкарыстанне гукавой арганізацыі паэтычнай мовы пры стварэнні паэтычнага вобраза. Гукапіс мае мэтай узмацніць выразнасць вобраза, карціны з дапамогай падбору гукаў, якія перадаюць уражанне ад жыццёвай з’явы або стварыць пэўную інтанацыю ці ўзмацніць гучанне асобных слоў, выдзяляючы іх у тэксце. Віды гукапісу: Алітэрацыя – паўтарэнне аднародных зычных гукаў у вершаваных радках (або ў празаічнай форме), якое ўзмацняе гукавую інтанацыйную выразнасць верша. Асананс – адзін з відаў гукапісу, паўтарэнне ў вершаваных радках або празаічных сказах галосных, часцей націскных, гукаў з мэтай мастацкай выразнасці.Гукаперайманне – гукавая імітацыя розных жыццёвых і прыродных з’яў з мэтай стварэння мастацкага вобраза.
Ідэя – асноўны сэнс літаратурнага мастацкага твора, які вынікае з усёй сістэмы вобразаў і карцін. Гэта аўтарскі погляд на паказаныя ў творы падзеі, чалавечыя характары, перажыванні, а таксама іх аб’ектыўны сэнс.
Жанр – форма літаратурнага твора, якая склалася гістарычна на аснове ўвасаблення пэўнага зместу.
Кампазіцыя – уся складаная будова літаратурнага твора, размяшчэнне і спалучэнне асобных частак, састаўных элементаў сюжэта, вобразаў-характараў, сцэн, эпізодаў, карцін, дыялогаў і маналогаў, падзел на часткі, раздзелы, строфы.
Перанос – несупадзенне моўнай формы з вершаваным радком.
Праблема – гэта вострае жыццёвае пытанне, якое пісьменнік ставіць і, зыходзячы са свайго светапогляду, па-свойму вырашае ў мастацкім творы.
Стылістычныя, або сінтаксічныя, фігуры – прыёмы ўзмацнення эмацыянальнай выразнасці паэтычнай мовы, нязвыклыя моўныя звароты, у аснове якіх ляжаць сродкі сінтаксісу. Віды фігур: Анафара заключаецца ў паўтарэнні аднолькавых слоў, словазлучэнняў і сказаў у пачатку вершаваных радкоў або празаічных сказаў. Эпіфара – суседнія сказы заканчваюцца аднолькавымі спалучэннямі слоў ці выразаў. Кальцо – пэўны сінтаксічны адрэзак маўлення, які пачынаецца і заканчваецца аднолькавымі словазлучэннямі і нават сказамі. Сінтаксічны паралелізм – экспрэсіўная сінтаксічная фігура, у якой кожная наступная сінтаксічная адзінка будуецца па тыпе папярэдняй – мае аднолькавы склад членаў сказа, аднолькавы парадак слоў, што стварае ўнутраную сіметрыю. Антытэза – сінтаксічная фігура кантрасту, супастаўленне процілеглых паняццяў, перажыванняў, думак з мэтай узмацнення ўражання ад гэтых з’яў, падкрэсліванне кантрасту. Градацыя заключаецца ў такім размяшчэнні частак выказвання (слоў, адрэзкаў сказа), дзе адбываецца паступовае нарастанне або, наадварот, аслабленне ўражання, пачуцця, перажывання. Эліпсіс – прапускаецца выказнік, які не з’яўляецца неабходным для перадачы пэўнага паведамлення. Інверсія – такая расстаноўка слоў або словазлучэнняў (сінтаксічных кампанентаў) у сказе, якая парушае іх звычайны парадак.
Сюжэт – сістэма падзей у творы, у якой раскрываецца і развіваецца характар. У лірычных творах пад сюжэтам падразумяваецца рух пачуцця, развіццё думкі верша.
Троп – адзін з найважнейшых прыёмаў стварэння мастацкага вобраза ў літаратуры, пры якім слова набывае вельмі актыўны выяўленчы характар, выражае пэўнае пачуццё, эстэтычную ацэнку жыццёвай з’явы. Калі глядзець з боку мовы, троп – гэта ўжыванне слова ў пераносным значэнні. Віды тропаў: Аксюмаран – наўмыснае спалучэнне слоў процілеглага сэнсу з мэтай перадачы супярэчлівых па змесце або па ўспрыманні іх пісьменнікам з’яў жыцця. Алегорыя – іншасказанне, адна з форм адлюстравання жыццёвых з’яў, калі абстрактнае паняцце або думка перадаецца праз канкрэтны вобраз. Гіпербала – моцнае перавелічэнне ўласцівасцей, якасцей ці памераў прадмета або з’явы з мэтай дасягнення большай мастацкай выразнасці. Метанімія – замена аднаго слова ці выразу іншым на аснове знешняй або ўнутранай сувязі паміж з’явамі, якія яны абазначаюць. Метафара – уласцівасці адной з’явы пераносяцца на другую па прынцыпе ўпадаблення. Параўнанне – супастаўленне дзвюх з’яў з мэтай іх характарыстыкі адной праз другую. Сінекдаха – метанімія, у аснове якой ляжыць узаемазамена такіх з’яў, якія знаходзяцца ў колькасных суадносінах: частка выдаецца за цэлае, адзіночны лік ужываецца замест множнага і наадварот. Сімвал – умоўнае абазначэнне з’явы праз вобраз, які нечым нагадвае гэту з’яву.Увасабленне – асноўваецца на прыпадабненні прадметаў, з’яў прыроды да паводзінаў чалавека, перанясенні на гэтыя з’явы чалавечых уласцівасцей. Эпітэт – мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет, чалавека або жыццёвую з’яву.
Тэма – кола грамадскіх з’яў і звязаных з імі жыццёвых пытанняў, якія аўтар кладзе ў аснову зместу твора і адлюстроўвае, раскрывае ў святле асноўнай ідэі.

“Вучымся чытаць выразна”
                                                                                                     
П А М Я Т А Й асноўныя этапы распрацоўкі навыкаў выразнага чытання:
1.Уважліва слухай тэкст у выкананні настаўніка або майстроў мастацкага слова.
2.Падзяліся сваім першапачатковым успрыманнем прачытанага ці праслуханага.
3.Прымі ўдзел у аналітычнай гутарцы, накіраванай на разуменне ідэйнага зместу твора і яго формы.
4.Падзялі тэкст на лагічна завершаныя часткі і прадумай мэту чытання кожнай з іх (гэта твае задачы як чытальніка).
5.Вызнач мэту чытання ўсяго твора.
6.Чытай верш у адпаведнасці з пастаўленай мэтай.
7.Авалодвай майстэрствам складання партытуры чытання верша.

В У Ч Ы С Я:
·         Не проста глядзець, а ўглядацца ў аўтарскі тэкст;
·         Не толькі слухаць, але і ўслухоўвацца ў тое, што данёс да нас пісьменнік;
·         Не проста гаварыць, а гаварыць прыгожа.

Д Л Я    Г Э Т А Г А    Н Е А Б Х О Д Н А:
·          ведаць правілы інтанавання (пабуджальныя і клічныя сказы чытаюцца з павышэннем голасу на тых з іх, якія нясуць у творы галоўную сэнсавую нагрузку; у пытальных сказах голас павышаецца на тым слове, з якім звязаны сэнс пытання);
·           умець абраць правільную інтанацыю асобных частак і ўсяго твора ў цэлым (яна можа быць узнёслай, бадзёрай, стрыманай, разважлівай, спакойнай, даверлівай, мяккай і г.д.);
·           вылучыць слова, на якое падае лагічны націск;
·           правільна размеркаваць паўзы: пры косцы – менш працяглая /, пры іншых знаках прыпынку – больш  працяглая //;
·           валодаць голасам: гаварыць чыста, дакладна, разборліва, правільна;
·           удакладніць мэту чытання:
          перадаць нешта                              падкрэсліць                              абурыцца
          паведаміць                                      выказаць                                  пакрыўдзіцца
          расказаць                                        ухваліць                                   асудзіць
          узмацніць думку                              абагульніць                                выкрыць
          зацікавіць                                        узрадавацца                              зганьбіць
·           акрэсліць аўтарскае пачуццё ў творы: сум, туга, смутак, шкадаванне, расчараванне, роспач, трывога, крык душы, радасць, захапленне і інш.;
·           захаваць тон размовы, узяты аўтарам: даверлівы, шчыры, спагадлівы, грубы, роспачны, стрыманы, спакойны, сумны, мінорны, суровы, строгі і інш.;
·           выбраць адпаведны тэмп чытання: маецца на ўвазе хуткасць вымаўлення слоў паводле іх сэнсавай значнасці і мэтавай накіраванасці (чытаем запаволена, умерана, паскорана);
·           прадумаць свае задачы як чытальніка:
·         уздзейнічаць на ўяўленні слухачоў, каб яны ўбачылі прыродны малюнак, позірк героя, выраз яго твару, настрой аўтара і г.д.;
·         уздзейнічаць на пачуцці слухачоў (выклікаць у іх задавальненне, захапленне нечым, пачуццё еднасці з некім і з нечым, перадаць пачуцці аўтара і г.д.);
·         уздзейнічаць на свядомасць слухачоў, каб яны задумаліся, прааналізавалі нешта, зрабілі вывад, засяродзілі ўвагу на нечым надзвычай важным і інш.
·          перадаць пры чытанні асаблівасці думак і пачуццяў кожнага з персанажаў твора;
·          выявіць майстэрства чытання розных фальклорных жанраў;
·          авалодаць майстэрствам інсцэніравання мастацкага твора;
·          умець правільна чытаць творы патрыятычнай, грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыкі;
·           авалодаць майстэрствам чытання дыялогаў і маналогаў.

Стылі маўлення


Гутарковы
Мастацкі
Навуковы
Афіцыйны
Публіцыстычны
Дзе выкары-
стоўваецца
У звычайнай гутарцы, размове
У творах мас-тацкай літара-туры, вуснай народнай творчасці
У падручніках, навуковых працах, лекцыях, дакладах
У справаводстве, галіне права і заканадаўства
У газетных і ча-сопісных артыку-лах, выступленнях на мітынгах і сходах, на радыё і тэлебачанні
Каму адрасу-
ецца
Аднаму чала-веку ці не-калькім асобам
Многім людзям
Многім людзям
Многім людзям
Многім людзям
З якой
мэтай
Для абмену думкамі, пачуццямі
Вобразна, ма-ляўніча апісаць што-небудзь, выказаць пачуцці, уздзейнічаць на чытача ці слухача
Паведаміць да-кладныя наву-ковыя звесткі аб прадметах ці з’явах
Афіцыйна ў сціслай і да-кладнай форме паведаміць ка-нкрэтныя факты пра тыя ці іншыя з’явы, падзеі
Паведаміць інфа-рмацыю, уздзей-нічаць на чытача і слухача, у нечым іх пераканаць, да нечага заклікаць
Асноўныя
адзнакі мовы
Жывасць, не-пасрэднасць. Мае форму дыялога. Ад-носіны да па-дзей і з’яў вы-ражаны. Словы, што выражаюць пачуцці, ацэнку прадметаў і з’яў
Вобразнасць. Маляўнічасць. Мае форму дыялога і ма-налога. Адносіны да падзей і з’яў выражаны
Дакладнасць, сціс-ласць, падкрэсленая лагічнасць. Мае форму маналога. Адносіны да падзей і з’яў не выражаны
Канкрэтнасць, дакладнасць. Ужыванне слоў-назваў розных афіцыйных асоб, устаноў, даку-ментаў. Адносіны да падзей і з’яў не выражаны
Наяўнасць як кніжных, так і гу-тарковых слоў, паўтор адных і тых жа слоў. Адносіны да падзей і з’яў  выражаны
Сродкі мовы
Словы з пера-носным зна-чэннем. Розныя віды сказаў, сказы са звароткамі і простай мовай
Словы, што выражаюць па-чуцці, настрой аўтара. Словы з пераносным значэннем. Ро-зныя віды сказаў
Адсутнасць слоў, што выражаюць па-чуцці, настрой. Адсутнасць слоў з пераносным значэн-нем. Розныя віды сказаў
Адсутнасць эмацыянальнасці, вобразнасці. Ужыванне слоў толькі ў прамым значэнні
Словы і слова-злучэнні з ацэна-чным значэннем. Пабуджальныя і клі-чныя сказы, сказы са звароткамі, з аднаро-днымі членамі
Жанры
Гутарка, размо-ва, казка, загад-ка, песня, гума-рэска, жарт
Верш, апавя-данне, аповесць, раман
Лекцыя, даклад, рэферат, мана-графія
Законы, указы, пастановы, за-гады, заявы, аб’явы, даведкі, рэкамендацыі, аўтабіяграфіі
Артыкул, нарыс, інтэрв’ю, рэпартаж, нататка, фельетон, адозва, прамова

Асноўныя якасці культуры маўлення
·         правільнасць – адпаведнасць нормам літаратурнай мовы;
·         дакладнасць – выкарыстанне слоў, фразеалагізмаў з уласцівым ім значэннем, адпаведнасць выказвання мэце і сітуацыі ўжывання;
·         лагічнасць як сэнсавая несупярэчлівасць паміж ужытымі моўнымі адзінкамі і законамі логікі;
·         чысціня – адсутнасць у маўленні нелітаратурных слоў і выразаў (жарганізмаў, слоў-паразітаў, беспадстаўна ўжытых дыялектных і запазычаных слоў);
·         дарэчнасць, пры якой моўныя сродкі адпавядаюць стылю, жанру, мэтам і ўмовам зносін;
·         багацце – выкарыстанне разнастайных сінанімічных моўных сродкаў;
·         выразнасць як эмацыянальнае ўздзеянне выказвання, развіццё ўвагі, цікавасці чытачоў (слухачоў) праз фанетычныя сінтаксічныя сродкі, праз мастацкія тропы (параўнанне, метафара, эпітэт і інш.).
План стылістычнага аналізу тэксту
1.        Ахарактарызаваць маўленчую сітуацыю і задачы маўлення.
2.        Пералічыць асноўныя стылёвыя рысы.
3.        Назваць моўныя сродкі, з дапамогай якіх асноўныя стылёвыя рысы рэалізуюцца ў тэксце.
4.        Вызначыць стыль тэксту.

Тэкст
Асноўныя прыметы
тэксту
Характарыстыка прымет тэксту
Тэматычнае адзінства
Наяўнасць тэмы (прадмет маўлення) і асноўнай думкі (тое, пра што хацеў сказаць, што растлумачыць ці ў чым пераканаць аўтар)
Звязнасць
1.Пры паслядоўнай сувязі думка развіваецца паслядоўна ад аднаго сказа да другога. Сродкі сувязі: лексічныя паўторы, сінонімы, злучнікі, асабовыя і ўказальныя займеннікі, прыслоўі.
2. Пры паралельнай сувязі ўсе сказы тэксту расерываюць, дапаўняюць першы сказ. Сродкі сувязі: аднолькавы парадак слоў, аднатыпныя граматычныя формы, займеннікі, злучнікі
Паслядоўнасць
У кожным наступным сказе паведамляюцца новыя звесткі, якія дапаўняюць папярэднія
Разгорнутасць
Асноўная думка тэксту разгортваецца паступова з дапамогай паслядоўнай і паралельнай сувязі
Сэнсавая цэласнасць
Усе сказы, часткі тэксту раскрываюць абраную тэму
Завершанасць
Асноўная думка тэксту раскрыта ў трох частках: уступе (зачыне), сярэдняй частцы і канцоўцы

Тыпы тэкстаў
Апавяданне – расказваецца пра якія-небудзь падзеі, дзеянні, учынкі, здарэнні, якія разгортваюцца паступова (як гэта было?). Звычайна мае пачатак, або зачын, сярэднюю частку і канцоўку. Кампазіцыйная схема: завязка, развіццё дзеяння (кульмінацыя), развязка.
Апісанне – пералічваюцца прыметы ці ўласцівасці якога-небудзь прадмета або з’явы (які прадмет, з’ява?). Кампазіцыйная схема:агульнае ўражанне, пералік розных прымет, агульная ацэнка.
Разважанне – выказваецца пэўная думка і даецца яе доказ ці тлумачэнне (чаму?). Кампазіцыйная схема: тэзіс, доказы (аргументы, прыклады), вывад.

Схема апісання знешнасці чалавека
1. Уступ, які перадае асноўную думку апісання.
2. Галоўная частка, у якой раскрываецца асноўная думка.
Састаўныя часткі апісання знешнасці:
а) фігура, пастава, выгляд, валасы, вочы, нос, рот і г.д.;
б) дзеянні (рухі), звязаныя з характарыстыкай састаўных частак апісання;
в) характарыстыка чалавека, знешнасць якога апісваецца.
3. Канцоўка – вывад пра таго, хто апісваецца.

Пераказ тэксту

Як скласці план тэксту
1. Прачытайце тэкст.
2. Вызначце тэму і асноўную думку тэксту.
3. Падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі, дайце ім загалоўкі. 
4. Напішыце план. Супастаўце з тэкстам і высветліце:
·         Ці ўсё істотнае знайшло адлюстраванне ў плане;
·         Ці звязаны пункты плана па сэнсе;
·         Ці адлюстроўваюць яны тэму і асноўную думку тэксту.
5. Праверце, ці можна ў адпаведнасці з планам пераказаць тэкст.
6. Акуратна перапішыце выпраўлены варыянт плана.

Як рыхтавацца да пераказу
1. Уважліва прачытайце тэкст, высветліце значэнне незразумелых слоў.
2. Сфармулюйце тэму і асноўную думку тэксту.
3. Вызначце, да якога стылю адносіцца тэкст.
4. Падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі і складзіце план.
5. Вызначце асаблівасці мовы тэксту, запомніце некаторыя з іх і выкарыстайце ў пераказе.
6. Прачытайце тэкст яшчэ раз.
7. Загарніце кнігу; напішыце першы варыянт пераказу, праверце і дапрацуйце гэты варыянт, а затым перапішыце яго.
Памятайце! Пры напісанні падрабязнага пераказу дакладна, без адступленняў і змен перадаюцца змест тэксту і яго асноўная думка. Захоўваецца будова тэксту, яго агульны інтанацыйны рысунак (танальнасць). Выкарыстоўваюцца характэрныя для тэксту прыёмы пабудовы і моўныя сродкі.
Выбарачны пераказ тэксту
1. Прачытайце тэкст, высветліце значэнне незразумелых слоў.
2. Вызначце тэму, асноўную думку і падтэмы.
3. Падумайце над тэмай выбарачнага пераказу, вызначце яе межы.
4. Уважліва прачытайце тэкст. Выберыце з тэксту тое, што непасрэдна адносіцца да тэмы, зрабіце неабходныя выпіскі.
5. Вызначце асноўную думку пераказу.
6. Падумайце над стылем і тыпам (апавяданне, апісанне, разважанне) будучага выказвання.
7. Складзіце план. (Майце на ўвазе, што паслядоўнасць пытанняў у тэксце і ў вашым выбарачным пераказе можа не супадаць).
8. Прадумайце, як лепш звязаць сэнсавыя часткі выбарачнага пераказу. Якія словы, выразы, сказы для гэтага трэба выкарыстаць?
9. Напішыце чарнавік выбарачнага пераказу, потым пасля праверкі і дапрацоўкі перапішыце яго.

Жанры публіцыстычнага стылю

Дыспут
1. У час выказвання не адхіляйся ад тэмы абмеркавання.
2. Стаўся з павагай да сваіх апанентаў, да таго, што яны кажуць.
3. Не перапыняй суразмоўцу, памятай, што, як і ты, кожны мае права выказаць сваю думку.
4. Уласныя думкі выказвай годна, спакойна, выбірай важкія аргументы і прыклады.
5. Не падмяняй абмеркаванне пэўных думак абмеркаваннем асабістых якасцей удзельнікаў дыспуту.
Нататка
Кароткае паведамленне ў публіцыстычным стылі, разлічанае на эмацыянальнае ўздзеянне  на чытача, пра пэўны жыццёвы факт. Павінна адпавядаць наступным патрабаванням: быць актуальным, лагічна паслядоўным, сціслым, аператыўным. Кампазіцыйная схема: 1) уступ, дзе гаворыцца пра месца, час дзеяння і тэму выказвання; 2) выклад асноўных фактаў, палажэнняў і доказаў; 3) канцоўка-вывад. Асноўная задача нататкі – перадаць чытачу, што, дзе, калі адбылося ці павінна адбыцца.
Інтэрв’ю
Гэта змест гутаркі паміж журналістам і пэўнай асобай пра падзеі, з’явы, што маюць цікавасць для грамадства.
Рэпартаж
Яго асноўная мэта – аператыўна, дакладна і выразна паведаміць пра што-небудзь значнае і цікавае. Рэпартаж дае чытачу магчымасць як бы самому, на свае вочы ўбачыць тое, аб чым расказве журналіст. Звычайна ў рэпартажы паведамляецца пра тыя падзеі, сведкам якіх быў сам аўтар.
Артыкул
У артыкулах раскрываюцца і аналізуюцца пэўныя тэарэтычныя праблемы, розныя з’явы і факты, тлумачыцца і папулярызуецца палітыка партый, рухаў, аб’яднанняў, расказваецца пра дасягненні і праблемы эканомікі, навукі, культуры, робяцца абагульненні і вывады, даюцца рэкамендацыі па дасягненні канкрэтных вынікаў.
Умоўна артыкулы падзяляюцца на перадавыя, прапагандысцкія, праблемныя і крытычныя.
Паведамленне
Паведамленне – гэта выступленне перад вялікай колькасцю слухачоў, інакш кажучы, публічнае выступленне. Паведамленне заўсёды вызначаецца пэўнай мэтай – перадаць інфармацыю, уздзейнічаць на слухачоў, абудзіць іх думкі і пачуцці, заклікаць да нейкіх разумовых або фізічных дзеянняў.
Для таго каб мэта паведамлення была дасягнута, да яго трэба рыхтавацца. Існуюць наступныя правілы падрыхтоўкі да публічнага выступлення:
1) неабходна выбраць цікавую для слухачоў тэму і, па магчымасці, коратка сфармуляваць яе;
2) неабходна вызначыць мэту паведамлення і цалкам падпарадкаваць гэтай мэце сваё маўленне;
3) неабходна падабраць матэрыял для паведамлення; крыніцамі матэрыялу з’яўляюцца кнігі, часопісы, уласныя веды і назіранні, радыё- і тэлеперадачы і інш.;
4) сабраны матэрыял трэба занатаваць (зрабіць канспекты, скласці тэзісы, выпісаць цытаты або іншыя неабходныя даныя) іасэнсаваць, інакш кажучы, навучыцца перадаваць яго змест сваімі словамі;
5) тэкст паведамлення мае, як правіла, наступную кампазіцыйную схему: а) уступ; б) галоўная частка; в) заключэнне. Вельмі важна скласці план (пажадана складаны) галоўнай часткі, у адпаведнасці з якім будзе стварацца асноўны тэкст паведамлення;
6) тэкст паведамлення трэба запісаць цалкам, пры неабходнасці адрэгаваць і абавязкова прачытаць услых;
7) перад аўдыторыяй нельга выступаць не адрываючыся ад паперы: вуснае маўленне істотна адрозніваецца ад пісьмовага; для таго каб выступаць без апоры на напісаны тэкст, трэба зрабіць яго кароткі канспект, занатаваць самае важнае і, па магчымасці,запомніць асноўныя палажэнні і аргументы свайго маўлення;
8) вельмі важна ўстанавіць кантакт са слухачамі; да слухачоў трэба ставіцца з павагай, не адцягваць іх увагі сваёй знешнасцю, рухамі, позай, не дэманстраваць ім свае асабісты перажыванні і хваляванне; вельмі важна навучыцца глядзець не падлогу, не на столь і не ў акно, а на слухачоў, павольна пераводзіць вочы з адной часткі аўдыторыі на другую.
Такім чынам, падрыхтоўка да паведамлення складаецца з наступных крокаў:
1.        выбар тэмы паведамлення;
2.        фармулёўка мэты паведамлення (з якой мэтай і перад якой аўдыторыяй я буду выступаць?);
3.        падбор матэрыялу для паведамлення (што я буду гаварыць?): вывучэнне літаратуры, складанне канспектаў і тэзісаў;
4.        складанне плана паведамлення (у якой паслядоўнасці я буду выкладаць інфармацыю?);
5.        напісанне тэксту паведамлення;
6.        асэнсаванне і запамінанне інфармацыі, якая будзе паведамляцца;
7.        складанне канспекта паведамлення;
8.        прагаворванне паведамлення ўслых з апорай на канспект (пажадана перад люстэркам).
Тэзісы
Тэзісы – сфармуляваныя палажэнні, якія коратка перадаюць асноўныя думкі лекцыі, даклада, артыкула, кнігі. Пры складанні тэзісаў неабходна працаваць з кожным абзацам тэксту, вызначаць, якую думку сцвярджае аўтар, якія факты, прыклады прыводзіць для яе абгрунтавання.
Перш чым складаць тэзісы, неабходна ўважліва прачытаць твор (або главу, раздзел, калі твор вялікі па аб’ёме). Потым неабходна выявіць асноўныя ідэі работы і выкласці іх у выглядзе паслядоўных пунктаў. Як правіла, у тэзісы не ўключаецца падрабязны фактычны матэрыял – увага засяроджваецца на вывадах аўтара.
Існуюць два спосабы складання тэзісаў: 1) асноўныя палажэнні твора падаюцца словамі аўтара; 2) асноўныя палажэнні твора падаюцца сваімі словамі.
Часам узнікае неабходнасць побач з тэзісамі запісаць і частку фактычнага матэрыялу, які можа спатрэбіцца для доказу той ці іншай думкі. Такая форма запісу тэзісаў неабходна пры падрыхтоўцы да публічнага выступлення.
Канспект
Канспект – кароткі запіс зместу лекцыі, даклада, артыкула, кнігі.
Адрозніваюць два віды канспектаў: тэкстуальны і вольны. Пры рабоце над тэкстуальным канспектам неабходна знайсці ў тэксце дакладны адказ на пастаўленае пытанне і запісаць яго словамі аўтара. Вольны канспект патрабуе ўмення выразіць асноўныя думкі тэксту сваімі словамі.
Прыступаючы да канспектавання, трэба перш за ўсё запісаць прозвішча аўтара твора, поўную назву працы, указаць месца выдання, выдавецтва, год выдання. Калі канспектуецца артыкул або вытрымка з кнігі, абавязкова трэба ўказаць, у якім часопісе ці ў якой кнізе быў надрукаваны гэты артыкул або з якой кнігі ўзяты ўрывак, што канспектуецца.
У адпаведнасці з раздзеламі (главамі, параграфамі) вывучаемага твора канспект таксама можна падзяліць на раздзелы (графы, параграфы). У якасці загалоўкаў выкарыстоўваюцца загалоўкі, ужытыя аўтарам тэксту.
Афармляць канспект можна як у сшытку, так і на асобных лістах, якія ў далейшым можна абнаўляць, рэдагаваць або выкарыстоўваць як фрагмент запісаў пры падрыхтоўцы да публічнага выступлення.
Рабіць запісы ў сшытку або на асобных лістах мэтазгодна па наступнай форме:
№ п/п
План раздзела, главы, параграфа
Змест запісаў
Дадатковыя крыніцы, заўвагі





Фанетычны разбор
1. Вымавіць слова і вызначыць склады, назваць націскны склад і гук, на які падае націск.
2. Ахарактарызаваць па парадку ўсе гукі: галосныя гукі (націскны ці ненаціскны; якой літарай абазначаны); зычныя гукі (цвёрды, мяккі ці зацвярдзелы; звонкі ці глухі; свісцячы ці шыпячы; якой літарай абазначаны).
3. Падлічыць колькасць гукаў і літар.
Словаўтваральны разбор
1. Вызначыць часціну мовы.
2. Калі слова зменнае, узнавіць пачатковую форму.
3. Акрэсліць лексічнае значэнне – праз аднакаранёвае слова, ад якога ўтварылася новае слова.
4. Параўнаць слова для аналізу з аднакаранёвым і выявіць марфему (марфемы), з дапамогай якой (якіх) яно ўтворана.
5. Назваць спосаб словаўтварэння.
6. Абазначыць схему ўтварэння слова графічна.
Спосабы ўтварэння слоў
Прыставачны: прыгарадны          горад
Суфіксальны: лугавы          луг
Прыставачна-суфіксальны: безбілетны         білет
Бяссуфіксны (нульсуфіксальны): сіньо       сіні
Постфіксальны: мыцца         мыць
Асноваскладанне: новабудоўля          новая будоўля
Словаскладанне: вечназялёны          вечна, зялёны
Складана-суфіксальны: трохступенчаты          тры ступені

Часціны мовы
Часціна мовы
Абазначае
Адказвае на пытанні
Член сказа
Назоўнік
Прадмет
Хто? Што?
Дзейнік, дапаўненне
Прыметнік
Прыметы прадметаў
Які? Чый?
Азначэнне, выказнік
Лічэбнік
Колькасць і парадак пры лічэнні
Колькі? Каторы?
Розныя члены сказа
Займеннік
Указвае на прадмет, прымету, колькасць
Хто? Што? Які? Чый? Каторы?
Дзейнік, дапаўненне, азначэнне
Дзеяслоў
Дзеянне ці стан
Што рабіць? Што зрабіць?
Выказнік
Прыслоўе
Прыметы дзеяння
Дзе? Куды? Як? Для чаго? З якой мэтай7
Акалічнасць
Прыназоўнік
Выражае адносіны на-зоўнікаў (прыметнікаў, займеннікаў) з іншымі словамі ў сказе
-
-
Злучнік
Звязвае аднародныя члены і часткі складаных сказаў
-
-
Часціца
Выражае дадатковыя адценні значэнняў слоў, словазлучэнняў і сказаў
-
-
Выклічнік
Выражае розныя пачуцці, але не называе іх
-
-

Марфалагічны разбор назоўніка
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Пачатковая форма (назоўны склон, адзіночны лік).
3. Марфалагічныя прыметы: нязменныя (агульны ці ўласны, адушаўлёны ці неадушаўлёны, асабовы ці неасабовы, канкрэтны ці абстрактны, зборны, рэчыўны; род; скланенне) і зменныя (склан, лік).
4.Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор прыметніка
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Пачатковая форма (назоўны склон, мужчынскі род, адзіночны лік).
3. Марфалагічныя прыметы: разрад па значэнні (якасны, адносны ці прыналежны; калі якасны – поўная ці кароткая форма, ступень параўнання), род, лік, склон.
4. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор лічэбніка
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Пачатковая форма (назоўны склон).
3. Разрад паводле значэння: колькасны (абазначае цэлы лік, дробавы, зборны) або парадкавы.
4. Разрад паводле складу: просты, складаны або састаўны.
5. Марфалагічныя прыметы: род (калі ёсць), лік (калі ёсць), склон.
6. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор займенніка
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Пачатковая форма (назоўны склон, адзіночны лік).
3. Нязменныя марфалагічныя прыметы: разрад паводле значэння (асабовы, зваротны, прыналежны, указальны, азначальны, пытальны, адносны адмоўны, няпэўны), асоба (для асабовых).
4. Зменныя марфалагічныя прыметы: склон, лік (калі ёсць), род (калі ёсць).
5. Сінтаксічная роля ў сказе.
Марфалагічны разбор дзеяслова
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Пачатковая форма (неазначальная).
3. Марфалагічныя прыметы: зваротны ці незваротны; трыванне (закончанае ці незакончанае); спражэнне; лад (абвесны, умоўны ці загадны); лік; час (калі ёсць); асоба (калі ёсць); род (калі ёць).
4. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор дзеепрыметніка
1. Часціна мовы (дзеяслоўная форма). Агульнае значэнне.
2. Марфалагічныя прыметы: пачатковая форма (назоўны склон адзіночнага ліку мужчынскага роду); стан (залежны, незалежны); трыванне (закончанае, незакончанае); час; поўная або кароткая форма, лік, род, склон (для поўных дзеепрметнікаў).
3. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор дзеепрыслоўя
1. Часціна мовы (форма дзеяслова). Агульнае значэнне.
2. Марфалагічныя прыметы: пачатковая форма (неазначальная форма дзеяслова), трыванне, нязменная форма.
3. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор прыслоўя
1. Часціна мовы, агульнае значэнне.
2. Марфалагічныя прыметы: нязменнае слова, разрад па значэнні: азначальныя (спосабу дзеяння, меры і ступені), акалічнасныя (месца, часу, прычыны, мэты), прэдыкатыўныя; ступень параўнання (калі ёсць).
3. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор прыназоўніка
1. Часціна мовы. Значэнне, якое выражае прыназоўнік разам з залежным назоўнікам (займеннікам, лічэбнікам) ва ўскосным склоне.
2. Марфалагічныя прыметы: нязменнае слова, разрад паводле паходжання (невытворны ці вытворны), разрад паводле будовы (просты, складаны ці састаўны); з якім склонам залежнага слова ўжыты.
3. Сінтаксічная роля.
Марфалагічны разбор злучніка
1. Часціна мовы.
2. Марфалагічныя прыметы: нязменнае слова; разрад паводле значэння: злучальны (спалучальны, супраціўны, размеркавальны) ці падпарадкавальны (часавы, прычынны, мэтавы, умоўны, уступальны, параўнальны, тлумачальны); разрад паводле саставу: просты ці састаўны; разрад паводле спосабу ўжывання: адзіночны, паўторны ці парны.
3. Сінтаксічная роля: якія сінтаксічныя адзінкі звязвае (аднародныя члены, часткі складанага сказа, сказы, часткі тэксту).
Марфалагічны разбор часціцы
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Марфалагічныя прыметы: нязменнае слова, разрад паводле значэння (указальныя, удакладняльныя, абмежавальныя; сцвярджальныя, адмоўныя, пытальныя; узмацняльныя, клічныя; формаўтваральныя).
3. Сінтаксічная роля.

Марфалагічны разбор выклічніка
1. Часціна мовы. Агульнае значэнне.
2. Марфалагічныя прыметы: нязменнае слова, разрад паводле значэння: пачуцці (радасць, захапленне, здагадка, здзіўленне, задавальненне, спачуванне, роздум, хваляванне, сумненне, гора, бяда, боль, страх, жаль, шкадаванне, абурэнне, асуджэнне і г.д.) або пабуджэнні (заклік, вокліч, зварот, запрашэнне, загад, забарона і г.д.).
3. Сінтаксічная роля.
Сінтаксічны разбор словазлучэння
1. Выдзеліце словазлучэнне са сказа.
2. Вызначце будову словазлучэння: знайдзіце галоўнае і залежнае словы; укажыце, якімі часцінамі мовы яны выражаны; устанавіце від сінтаксічнай сувязі паміж галоўным і залежным словамі (дапасаванне, кіраванне, прымыканне).
3. Укажыце граматычнае значэнне словазлучэння (прадмет і яго прымета; дзеянне і прадмет; дзеянне і яго прымета; прымета і яе ступень).
Сінтаксічны разбор простага сказа
1. Вызначыць, што сказ просты, выдзеліўшы яго граматычную аснову.
2. Разабраць сказ па членах сказа (спачатку вызначаюцца дзейнік і выказнік, затым даданыя члены, якія ўваходзяць у склад дзейніка, затым даданыя члены, што ўваходзяць у склад выказніка). Вызначыць, чым выражаны члены сказа.
3. Расказаць пра будову сказа:
а) двухсастаўны ці аднасастаўны; калі аднасастаўны – якога віду (пэўна-асабовы, няпэўна-асабовы, абагульнена-асабовы, безасабовы, назыўны);
б) развіты ці неразвіты;
в) поўны ці няпоўны (калі сказ няпоўны, указаць, які член сказа апушчаны);
4. Калі сказ ускладнены, адзначыць, чым ускладнены (аднароднымі членамі – якімі іменна; звароткамі; пабочнымі словамі, словазлучэннямі, сказамі, устаўнымі канструкцыямі; адасобленымі членамі сказа – якімі іменна; паразнальнымі канструкцыямі).
5. Назваць від сказа па мэце выказвання (апавядальны, пабуджальны, пытальны).
6. Назваць від сказа па эмацыянальнай афарбоўцы (па інтанацыі): клічны ці няклічны.
7. Даць поўную характарыстыку членам сказа: выказнік (просты дзеяслоўны, састаўны дзеяслоўны, састаўны іменны); дапаўненне (прамое ці ўскоснае); азначэнне (дапасаванае ці недапасаванае); акалічнасць (месца, часу, прычыны, мэты, умовы, спосабу дзеяння, меры і ступені, уступкі).
8. Растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку.
Сінтаксічны разбор складаназлучанага сказа
1. Падкрэсліць граматычныя асновы, вызначыць граматычныя часткі складанага сказа і абазначыць іх лічбамі.
2. Вызначыць злучнікі (спалучальныя, супраціўныя, размеркавальныя), пры дапамозе якіх звязаны часткі складаназлучанага сказа.
3. Вызначыць сэнсавыя адносіны (адначасовасці, паслядоўнасці, супастаўлення, супрацьпастаўлення, чаргавання ці ўзаемавыключэння), якія выражаюцца паміж часткамі складаназлучанага сказа.
4. Пабудаваць схему сказа.
5. Растлумачыць знакі прыпынку.
6. Разабраць як просты сказ кожную граматычную частку.
Сінтаксічны разбор складаназалежнага сказа
1. Падкрэсліць граматычныя асновы, вызначыць граматычныя часткі складаназалежнага сказа і абазначыць іх лічбамі.
2. Вызначыць сродак сінтаксічнай сувязі паміж часткамі (падпарадкавальны злучнік або злучальнае слова).
3. Вызначыць, што паясняе даданая частка ў галоўнай (слова, словазлучэнне, усю галоўную частку).
4. Вызначыць сэнсавыя адносіны паміж граматычнымі часткамі (азначальныя, дапаўняльныя, акалічнасныя).
5. Вызначыць від даданай часткі: азначальная; дапаўняльная; акалічнасная (месца, часу, умовы, прычыны, мэты, уступальная, спосабу дзеяння, меры і ступені, параўнальная).
6. Пабудаваць схему сказа (гарызантальную або вертыкальную).
7. Растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку.
8. Разабраць як просты сказ кожную граматычную частку.
Сінтаксічны разбор складаназалежнага сказа з некалькімі даданымі часткамі
1. Падкрэсліць граматычныя асновы, вызначыць граматычныя часткі сказа і абазначыць іх лічбамі.
2. Вызначыць сродак сінтаксічнай сувязі паміж часткамі (падпарадкавальныя злучнікі, злучальныя словы).
3. Вызначыць, што паясняе кожная даданая частка ў галоўнай (або ў папярэдняй даданай) – слова, словазлучэнне, усю частку).
4. Вызначыць сэнсавыя адносіны паміж часткамі і від даданых частак.
5. Вызначыць від падпарадкавання даданых частак (сузалежнае аднароднае, сузалежнае неаднароднае, паслядоўнае, змешанае).
6. Пабудаваць схему сказа (гарызантальную або вертыкальную).
7. Растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку.
8. Разабраць як просты сказ кожную граматычную частку.
Сінтаксічны разбор бяззлучнікавага складанага сказа
1. Падкрэсліць граматычныя асновы, вызначыць граматычныя часткі сказа і абазначыць іх лічбамі.
2. Назваць спосаб сувязі паміж граматычнымі часткамі.
3. Вызначыць сэнсавыя адносіны паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа (аднатыпныя часткі сказа: часавыя адносіны, супастаўляльныя, супрацьпастаўляльныя; разнатыпныя часткі сказа: прычынныя, выніковыя, умоўныя адносіны).
4. Пабудаваць схему сказа.
5. Растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа.
6. Разабраць як просты сказ кожную граматычную частку.
Сінтаксічны разбор складанага сказа з рознымі відамі сувязі частак
1. Падкрэсліць граматычныя асновы, вызначыць граматычныя часткі сказа і абазначыць іх лічбамі.
2. Вызначыць віды сувязі паміж граматычнымі часткамі: злучнікавая (злучальная, падпарадкавальная) ці бяззлучнікавая; злучльная і падпарадкавальная; бяззлучнікавая і злучальная; бяззлучнікавая і падпарадкавальная; бяззлучнікавая, злучальная і падпарадкавальная.
3. Вызначыць сэнсавыя часткі складанага сказа і сродак іх сінтаксічнай сувязі.
4. Пабудаваць схему сказа (гарызантальную або вертыкальную).
5. Зрабіць сінтаксічны разбор кожнай сэнсавай часткі.
6. Растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку.
7. Разабраць як просты сказ кожную граматычную частку.

Як рыхтаваць адказ па літаратуры
1. Вызначце асноўныя думкі для адказу.
2. Складзіце план адказу (напрыклад, характарыстыку героя).
3. Падрыхтуйце тэзісы да пунктаў плана. Думкі афармляйце дакладна, коратка, літаратурна.
4. Для аргументацыі думак падбірайце кароткія цытаты з тэксту.

Аналіз эпізода тэксту
І. 1. Вызначэнне тэмы і месца эпізода ў ідэйнай задуме пісьменніка.
   2. Вызначэнне межаў эпізода.
   3. Выяўленне чытацкіх уражанняў (успрыманне, пачуццё, думкі).
   4. Вызначэнне найбольш значных мастацкіх дэталяў (пейзаж, інтэр’ер, апісанне партрэта, мова і інш.).
   5. Раскрыццё ў гэтым эпізодзе вобраза героя (учынкі, пачуцці, думкі, перажыванні і інш.),
   6. Выяўленне аўтарскай пазіцыі.
ІІ. 1. Што з’яўляецца галоўным у гэтым эпізодзе?
    2. Якім чынам гэта перадае мастак слова?
    3. З якой мэтай?
    4. Якую ролю адыгрывае гэты эпізод у раскрыцці тэмы і ідэі?

Даклад
Даклад – адзін з відаў вуснага маналагічнага маўлення. Яго мэтай з’яўляецца перадача слухачам пэўнай інфармацыі. У адрозненне ад паведамленняў, пры падрыхтоўцы даклада можа выкарыстоўвацца як адна, так і некалькі крыніц. У дакладзе неабходна выразна акрэсліць уласную пазіцыю.
Пры падрыхтоўцы даклада неабходна прытрымлівацца пэўнай паслядоўнасці ў працы:
·         скласці план даклада;
·         коратка запісаць змест кожнай думкі, г.зн. сфармуляваць тэзісы;
·         для кожнага тэзіса падабраць доказы;
·         зрабіць высновы, абагульненні.

Канспект прачытанага
Канспектаванне – гэта працэс разумовай перапрацоўкі і пісьмовай фіксацыі прачытанага тэксту, у выніку якога з’яўляецца запіс у форме канспекта. Пры гэтым адбываецца спецыяльная перапрацоўка інфармацыі, яе “згортванне”.
Каб заканспектаваць прачытанае, неабходна:
·         сфармуляваць тэму, асноўную думку тэксту;
·         вызначыць сэнсавыя часткі тэксту і галоўную думку кожнай з іх;
·         падабраць аргументы;
·         вызначыць, якія часткі тэксту патрэбна запісаць даслоўна;
·         прадумаць скарачэнні слоў, графічныя і ўмоўныя абазначэнні.

Тэзісы прачытанага
Тэзісы – асноўныя палажэнні, сцверджанні прачытанага. Каб падрыхтаваць тэзісы прачытанага тэксту, неабходна:
·         падзяліць тэкст на сэнсава закончаныя часткі;
·         назваць галоўную думку кожнай часткі, г.зн. скласці план;
·         вылучыць у кожнай частцы тэматычны ці сэнсавы сказ;
·         выключыць са зместу абзацаў падрабязную інфармацыю;
·         скараціць пра неабходнасці змест тэматычных ці сэнсавых сказаў, перадаць яго сваімі словамі;
·         дакладна сфармуляваць галоўную думку кожнага абзаца і запісаць яе.

Рэцэнзія
Рэцэнзія – гэта ўсебаковы аналіз, аб’ектыўная ацэнка твора, якая ўтрымлівае сістэму доказаў, абапіраецца на прыклады, цытаты з твора, на літаратуразнаўчыя працы.
План падрыхтоўкі рэцэнзіі на твор:
1. Бібліяграфічнае апісанне (калі ён напісаны, дзе, калі выдадзены).
2. Кароткая характарыстыка творчасці пісьменніка (у сувязі з пэўным творам).
3. Творчая задума аўтара кнігі.
4. Сэнс назвы.
5. Сціслая інфармацыя пра змест.
6. Крытычная ацэнка твора: адметнасць кампазіцыі; майстэрства аўтара ў адлюстраванні герояў; індывідуальны стыль пісьменніка.
7. Асноўная думка рэцэнзіі.
8. Актуальнасць тэматыкі і праблематыкі твора.

Водгук
Водгук – гэта суб’ектыўнае паведамленне пра твор з элементамі аналізу, але без усебаковай характарыстыкі зместу і мастацкай структуры. Водгук можа быць напісаны ў форме разважання. Тады ён звычайна ўтрымлівае тэзіс, меркаванне чытача пра кнігу, доказ правільнасці высновы.
Мэты водгуку: падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага, пераканаць у сваіх ацэнках, зацікавіць творам.
Памятка для падрыхтоўкі водгуку на твор:
1. Уступ. (Пры якіх умовах вы пазнаёміліся з творам.)
2. Тэма і асноўная думка.
3. Дзе і калі адбываюцца падзеі, апісаныя ў творы?
4. Якія эпізоды твора зрабілі на вас найбольшае ўражанне? Чаму?
5. Хто з герояў асабліва спадабаўся? Чаму?
6. Мова твора. Што асабліва запомнілася, здалося незвычайным?
7. Над чым вас прымусіла задумацца кніга, чым узбагаціла?

Памятка для аналізу мастацкага твора
Пры аналізе мастацкага твора трэба адрозніваць ідэйны змест і мастацкую форму.
Ідэйны змест уключае:
1.        тэматыку твора – выбраныя пісьменнікам сацыяльна-гістарычныя характары ў іх узаемадзеянні;
2.        праблематыку твора – найбольш значымыя для аўтара ўласцівасці і бакі ўжо адлюстраваных характараў, вылучаныя і ўзмоцненыя ім у мастацкім адлюстраванні;
3.        пафас твора – ідэйна-эмацыянальныя адносіны пісьменніка да адлюстраваных сацыяльных характараў (героіка, трагізм, драматызм, сатыра, гумар, рамантыка і сентыментальнасць).
Мастацкая форма ўключае:
1.        дэталі прадметнай вобразнасці: партрэт, учынкі персанажаў, іх перажыванні і мова (маналогі і дыялогі), побыт, пейзаж сюжэт (паслядоўнасць і ўзаемадзеянне знешніх і ўнутраных учынкаў персанажаў у часе і прасторы);
2.        кампазіцыйныя дэталі: паслядоўнасць, спосаб і матывацыя, аповед і апісанні адлюстраванага жыцця, аўтарскія разважанні, адступленні, устаўныя эпізоды і г.д.);
3.        стылістычныя дэталі: выяўленчыя дэталі аўтарскай мовы, інтанацыйна-сінтаксічныя і рытміка-страфічныя адметнасці паэтычнай мовы.

План адказу на пытанне пра значэнне творчасці пісьменніка:
1.        Роля пісьменніка ў развіцці беларускай літаратуры.
2.        Асноўныя праблемы эпохі і адносіны да яе пісьменніка.
3.        Традыцыі і наватарства пісьменніка ў галіне:
а) ідэі; б) тэматыкі, праблематыкі; в) творчага метаду і стылю; г) жанру; д) мовы твора.
4.   Ацэнка творчасці пісьменніка класікамі літаратуры, крытыкамі.

Схема аналізу мастацкага твора
1.        Гісторыя стварэння.
2.        Тэматыка.
3.        Праблематыка.
4.        Ідэйная скіраванасць твора і яго эмацыянальны пафас.
5.        Жанравая адметнасць.
6.        Асноўныя мастацкія вобразы ў іх сістэме і ўнутраных сувязях.
7.        Цэнтральныя персанажы.
8.        Сюжэт і адметнасці пабудовы канфлікту.
9.        Пейзаж, партрэт, дыялогі і маналогі персанажаў, інтэр’ер, абставіны дзеяння.
10.     Мова твора (аўтарскае апісанне, аповед, адступленні і разважанні).
11.     Кампазіцыя сюжэта і асобных вобразаў.
12.     Месца твора ў творчасці пісьменніка.
13.     Месца твора ў гісторыі беларускай і сусветнай літаратуры.

Прыкладны план характарыстыкі мастацкага вобраза-персанажа
І. Уступ. Месца персанажа ў сістэме вобразаў твора.
ІІ. Галоўная частка. Характарыстыка персанажа як пэўнага сацыяльнага тыпа:
1.        Сацыяльнае і матэрыяльнае становішча.
2.        Знешнасць.
3.        Адметнасць светаўспрымання і светапогляду, схільнасцей і звычак:
      а) характар дзейнасці і асноўных жыццёвых імкненняў;
      б) уплыў на іншых герояў.
4.        Пачуцці героя твора:
а) адносіны да іншых персанажаў;
б) адметнасці ўнутраных перажыванняў. 
5.        Аўтарскія адносіны да героя.
6.        Якія рысы героя выяўляюцца ў творы:
а) пры дапамозе партрэта;
б) пры дапамозе аўтарскай характарыстыкі;
в) пры дапамозе характарыстыкі іншых дзеючых асоб;
г) пры дапамозе біяграфіі;
д) праз учынкі;
е) праз моўную характарыстыку;
ё) праз акаляючы свет.
ІІІ. Заключэнне. Якая грамадская праблема прывяла аўтара да стварэння гэтага вобраза?

План аналізу лірычнага верша
1.        Дата стварэння.
2.        Рэальна-біяграфічны і фактычны каментарый.
3.        Жанравая адметнасць.
4.        Ідэйны змест:
а) тэма;
б) ідэя;
в) эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка пачуццяў, выяўленых у вершы, у іх дынаміцы ці статыцы;
г) асабістыя ўражанні чытача;
д) перавага грамадскіх ці асабістых інтанацый.
 5.  Структура верша:
      а) супастаўленне і развіццё асноўных славесных вобразаў;
      б) асноўныя выяўленчыя сродкі, выкарыстаныя аўтарам (метафара, метанімія, алегорыя, параўнанне, сімвал, гіпербала і г.д.);
в) асаблівасці мастацкага маўлення;
г) рыфма;
д) строфіка.
Кароткі слоўнік літаратурных паняццяў
Адухаўленне – наданне нежывым прадметам ці з’явам прыроды ўласцівасцей жывых істот.
Алегорыя – іншасказанне; мастацкі прыём, калі думка, рыса характару раскрываюцца праз паводзіны жывёл, асаблівасці раслін, з’яў ці прадметаў.
Гіпербала – моцнае перавелічэнне ўласцівасцей, якасцей прадмета або з’явы з мэтай большай мастацкай выразнасці.
Метафара – перанясенне ўласцівасцей адной з’явы на іншую, чым-небудзь падобную да яе.
Параўнанне – мастацкі прыём, супастаўленне двух прадметаў або з’яў на аснове іх падабенства.
Троп – ужыванне слова ў пераносным значэнні (эпітэт, параўнанне, метафара, сімвал, гіпербала...)
Эпітэт – мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет (з’яву, асобу). Эпітэт дапамагае ярка, жыва ўявіць прадмет і адчуць адносіны аўтара